Читай и изучай
Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Римлянам 10 глава
11 глава »
1 Браты, у сваім сэрцы я жадаю для іх збаўлення і аб гэтым малюся да Бога.
2 Бо сведчу пра іх, што яны маюць Божую руплівасць, але не паводле пазнання.
3 Не разумеючы Божай справядлівасці і шукаючы ўласнай справядлівасці, яны не падпарадкаваліся справядлівасці Божай.
4 Вяршыняй жа Закону ёсць Хрыстус дзеля апраўдання кожнага, хто верыць.
Паўсюднасць збаўлення5 Майсей піша аб справядлівасці, якая з Закону, што чалавек, выканаўшы яго, будзе праз яго жыць.
6 А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы сваім: хто ўзыдзе на неба?», каб Хрыста прывесці,
7 або: «Хто сыдзе ў адхлань?», каб Хрыста ўзняць з мёртвых.
8 Але што кажа? «Блізка да цябе слова, на вуснах тваіх і ў сэрцы тваім». Гэта значыць, слова веры, якое прапаведуем.
9 Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго, будзеш збаўлены.
10 Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення.
11 Пісанне ж кажа: «Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
12 І няма розніцы паміж юдэем і грэкам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча.
13 І кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены.
14 Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, каго не пачулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць?
15 І як будуць абвяшчаць, калі не будуць пасланыя? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае дабро».
16 Але не ўсе падпарадкаваліся Евангеллю. Бо Ісая кажа: «Пане, хто паверыў пачутаму ад нас?»
17 Таму вера — ад пачутага, а пачутае — праз слова Хрыста.
18 Але я кажу: хіба не пачулі яны? Наадварот. Па ўсёй зямлі разышоўся іхні голас, і словы іхнія — да краёў свету.
19 Але кажу: ці ж Ізраэль не пазнаў? Ужо Майсей кажа: «Я абуджу ў вас руплівасць праз таго, хто не ёсць народам, разгневаю вас праз народ неразумны».
20 А Ісая адважыўся ды кажа: «Мяне знайшлі тыя, хто не шукаў, аб’явіўся Я тым, хто не пытаўся пра Мяне».
21 Ізраэлю кажа: «Увесь дзень Я працягваў рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпартага».

 

Римлянам 10 глава в переводах